У Віцебску затрымалі грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і ксяндза Віктара Жука



Айца Аляксея затрымалі каля гандлёвага цэнтру “GREEN” прыблізна а 15.30.

Аляксей Варанко

Ён паспеў патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што супраць яго распачатая справа паводле артыкула 23.34 КаАП. Ёсць звесткі, што разам з ім затрыманы ксёндз Віктар Жук, які 3-га снежня ездзіў на суд да ксяндза Вячаслава Барка, абвінавачанага  ў прапагандзе нацысцкай сімволікі. У чым вінавацяць затрыманага Віктара Жука, пакуль невядома.

Віктар Жук

Аляксей Варанко, паводле сведак, сёлета ў верасні браў удзел у акцыях мірнага пратэсту. Але за што канкрэтна супраць яго распачалі адміністрацыйную справу, высветліцца толькі на судзе. Суды над затрыманымі чакаюцца заўтра, але заканадаўства дазваляе трымаць іх за кратамі да суду да 72-х гадзін.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск