У Віцебску затрымалі студэнтаў-медыкаў



У Віцебскім медыцынскім універсітэце  студэнты падтрымалі агульнанацыянальны страйк.  Яны сабраліся ў фае навучальнай установы, але  прадстаўнікі адміністрацыі выклікалі міліцыянтаў. Хлопца і дзяўчыну затрымалі.

Мясцовыя тэлеграм-каналы размясцілі відэа, на якім шасцёра людзей у міліцэйскай форме і ў грамадзянскім адзенні гвалтам цягнуць хлопца і дзяўчыну па ганках. Падзеі адбываюцца каля аднаго з карпусоў медыцынскага ўніверсітэта, а тыя, каго затрымліваюць, – студэнты навучальнай установы. Іхныя імёны і прозвішчы пакуль не паведамляюцца, але вядома, што гэта – удзельнікі акцыі па падтрымцы сённяшняга страйка.

Страйк падтрымалі і студэнты іншых навучальных установаў Віцебска. Яны гэтаксама збіраліся ў фае сваіх універсітэтаў. У віцебскім  студэнцкім асяродку распаўсюджваецца тэкст заяваў на імя рэктара, якія будуць пададзены бліжэйшымі днямі. У заявах патрабуецца, каб  студэнтаў не каралі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, як гэта бывала ў апошнія месяцы, каб іх не пазбаўлялі стыпендыі за прапушчаныя заняткі ў тым выпадку, калі маладыя людзі траплялі пад арышты. І каб навучальныя ўстановы сталі тэрыторыяй, на якой не дапушчальны міліцэйскі гвалт, нягледзячы на палітычныя погляды і перакананні адміністрацыі ВНУ. Бо “першаснай каштоўнасцю і мэтай навучальнай установы ёсць інтэлектуальнае і маральнае развіццё асобы, памнажэнне навуковых дасягненняў”. Адна з маральных каштоўнасцяў – гэта салідарнасць “з усімі выкладчыкамі і студэнтамі, якія ў гэтыя няпростыя дні выражаюць сваю грамадзянскую пазіцыю, выступаюць супраць гвалту і бесчалавечнасці”, гаворыцца ў студэнцкай  заяве.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск