У Віцебску затрымалі Сяргея Рыжова



У Віцебску затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар удзельнік прэзідэнцкай кампаніі-2010 Сяргей Рыжоў. Як паведаміў віцебскі лекар Ігар Пастноў, Рыжоў быў затрыманы 23-га студзеня ў кватэры незалежнага журналіста Уладзіміра Жыгулова. Афіцыйныя прычыны затрымання пакуль невядомыя. Мяркуецца, што гэта высветліцца пасля таго, як маці Рыжова наведае следчага. Пастноў мяркуе, што затрыманне можа быць звязана з крымінальным пераследам Рыжова, які пачаўся каля года таму – ён абвінавачваўся ў хуліганстве і супраціве міліцыянтам:

– Ён нікуды не збіраўся ўцякаць, ён вярнуўся з Расеі. Аб’явіў праз СМІ, што будзе балатавацца на выбарах прэзідэнта, хоча паказаць наколькі слабы і бесчалавечны гэты рэжым. Мы разумеем, што нам нічога не свеціць, але зрабілі заяву пра выбары без Лукашэнкі, стварылі ў сацсетках адмысловую групу.

У лютым мінулага года Рыжоў паехаў у Расею, адкуль вярнуўся некалькі дзён таму, распавёў Пастноў. Напярэдадні Рыжоў заявіў, што мае намер зноў балатавацца на выбарах прэзідэнта. У 2010-ым яго ініцыятыўная група не змагла набраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vitebskspring.org