Барыса Хамайду адпусцілі з пастарунка без складання пратакола (абноўлена)
Як патлумачыў спадар Хамайда, прэтэнзіі ў міліцыянтаў выклікала бел-чырвона-белая стужка, якой ён аздабляе сваё „працоўнае месца”. Іншыя аздабленні, у тым ліку рушнік-вышыванку з малітвай „Ойча наш”, у распаўсюдніка незалежнай прэсы міліцыянты забралі некалькі месяцаў таму.
Але гэтым разам адміністрацыйнага пратакола на Барыса Хамайду не складалі, і адпусцілі з пастарунка роўна праз тры гадзіны, нават вярнуўшы бел-чырвона-белую стужку.
Перад тым, як адпусціць, апазіцыянеру прапанавалі падпісаць паперу пра тое, што ён папярэджаны наконт адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю несанкцыянаваных пікетаў. Барыс Хамайда адмовіўся падпісваць такі дакумент.
***
Як паведамляе „Беларуская асацыяцыя журналістаў”, затрыманы старэйшы актывіст у Віцебску Барыс Хамайда.
Штодня ў цэнтры горада ён распаўсюджваў беларускую літаратуру, газеты і часопісы.
Беларускае Радыё Рацыя