У Віцебску затрыманы „Чалавек-сцяг”
У Віцебску затрыманы сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Падставай для затрымання стаў бел-чырвона-белы сцяг, які з’явіўся на Маскоўскім праспекце над дзевяціпавярховым домам – у падтрымку Юрася Беленькага.
Намесніка старшыні партыі пераследуюць за правядзенне шэсця і мітынга ў Курапатах на Дзяды.
Цяпер Сяргей знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, кажа ягоная жонка Алена Каваленка:
– З’ехаліся міліцыянты на «бобіках» ды яшчэ і верталёт задзейнічалі. Ён кружыў каля гадзіны над дамамі. Спачатку мне сказалі, што возьмуць перадачу для Сяргея, але пасля паведамілі, што такой катэгорыі грамадзян нельга нічога перадаваць. Я запыталася, што яны разумеюць пад словамі «такой катэгорыі»? Аказваецца, для той, якая да суда ў ІЧУ знаходзіцца.
Сяргей Каваленка, якога называюць «Чалавек-сцяг», неаднаразова арыштоўваўся і адбываў турэмнае заключэнне за вывешванне ў Віцебску бел-чырвона-белага сцяга.
Беларускае Радыё Рацыя