У Віцебску збіраюць подпісы з просьбай не звальняць лекара Уладзіміра Мартава



У Віцебску збіраюць подпісы ў падтрымку лекара. Жыхары горада плануюць звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Віцебскага абласнога выканкама з просьбай не звальняць загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Уладзіміра Мартава.

Створана электронная петыцыя. „Мы лічым, што ў XXI стагоддзі звальненне за праўду бесчалавечна!”— кажуць яе аўтары.

Трэцяга красавіка ў Мартава заканчваецца кантракт. Адміністрацыя лякарні апавясціла медыка, што падаўжаць кантракт з ім не будуць…

У першую хвалю COVID-19 Мартаў распавядаў пра сітуацыю ў лякарні — пра тое, што дзяржава па сутнасці кінула медыкаў сам-насам з невядомай хваробай, а дапамагаюць пераважна валанцёры.

Аўтары петыцыі перакананыя, што Мартава звальняюць за яго сумленную і адкрытую пазіцыю. На раніцу чацвярга пад петыцыяй падпісаліся больш за 1100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: tut.by