У Віцебску збіраюць подпісы за адстаўку рэктара педагагічнага ўніверсітэта
Петыцыю з патрабаваннем адстаўкі Аляксея Ягорава склаў віцебскі актывіст руху “За свабоду” Хрыстафор Жаляпаў. Ён абураны тым, што 21 лютага, калі ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце праводзіліся імпрэзы пад агульным назовам “Мой родной язык – русский”.
Хрыстафор Жаляпаў, балгарын паводле паходжання, лічыць такі падыход да роднай мовы ў Беларусі ганьбай:
– Калі я прачытаў, што ў Віцебскім педагагічным універсітэце, дзе рыхтуюць настаўнікаў для беларускіх школ, – настаўнікаў, якія мусяць выхоўваць беларускіх патрыётаў, тых, хто мусіць шанаваць культуру і мову, праводзяць мерапрыемства, якое называецца „Мой родной язык –русский язык”, то ўспрыняў гэта як вялікую ганьбу. Ганьбу беларускай гісторыі, культуры і беларускай мовы.
Хрыстафор Жаляпаў падкрэслівае, што мерапрыемствы праводзіліся пры падтрымцы фонду «Русский мир», і што расцэньвае гэта як намер паўплываць на настроі ў беларускім грамадстве, дзе й так частка расейскамоўнага насельніцтва агрэсіўна ставіцца да носьбітаў беларускай мовы, называючы іх “нацыяналістамі”.
На думку Хрыстафора Жаляпава, кіраўнік навучальнай установы, дзе свядома прапагандуецца мова суседняй дзяржавы і адсутнічае беларускі патрыятызм, мусіць быць неадкладна змешчаны з пасады. Петыцыя, якую можна падпісаць цягам двух бліжэйшых тыдняў, адрасавана на імя Аляксандра Лукашэнкі і ў міністэрства адукацыі.
Беларускае Радыё Рацыя