У Віцебску змагаюцца за парадак на роварных дарожках
Віцяблянін Яўген Крыскевіч прапануе землякам падпісаць створаную ім петыцыю наконт упарадкавання ходнікаў і роварных дарожак. У прыватнасці, за стварэнне на іх безбар’ернага асяроддзя.
Ён жыве ў новым віцебскім мікрараёне “Медцэнтр”, але ходнікі там выглядаюць далёка не новымі: на іх ямы, калдобіны, вялікія лужыны ў дажджлівае надвор’е. Пра безбар’ернае асяроддзе тут, падобна, не паклапаціліся ад пачатку: высокія бардзюры і каналізацыйныя люкі проста пасярэдзіне ходніка замінаюць не толькі ўладальнікам ровараў.
Паводле Яўгена Крыскевіча, прыйшоў час паставіць гэтае пытанне перад гарадскімі ўладамі:
– Гэта мая ініцыятыва – убачыць рэакцыю ўладаў на тое, што зрабілі роварную дарожку, якая не адпавядае ніякім нормам. Я так разумею, што яе зрабілі “для галачкі”: пазначылі, што яна здадзена, і за ёй ніхто не глядзіць. Бардзюры настолькі высокія, што праехаць немагчыма не толькі роварыстам, але і людзям на інвалідных вазках, і людзям з дзіцячымі вазкамі. Я хацеў бы, каб роварная дарожка адпавядала ўсім нормам, прынятым у нашай краіне, каб яна была якаснай і класнай.
Дарэчы, сам Яўген Крыскевіч ровара не мае. Але ён мае выразную грамадзянскую пазіцыю і ўжо не аднойчы складаў петыцыі ў інтарэсах сваіх землякоў. Адна з апошніх – гэта петыцыя наконт ігнаравання заяваў віцяблян, калі яны скардзяцца ў камунальныя службы. Яўген кажа, што механізм петыцый насамрэч працуе: чыноўнікі вымушаны на іх рэагаваць, і шэраг гарадскіх праблем ужо удалося вырашыць такім чынам.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі