У Віцебску знайшоўся ўчастак, дзе выбары не сфальшавалі
На ўчастку №60 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі яўка склала 42%. Назіральніца Людміла Спірыдэнка адзначыла, што ў старшыні камісіі Вадзіма Бучкіна нават не было памкнення, каб даць справаздачу з іншымі лічбамі:
– Было 1582 бюлетэні, нявыкарыстаных – 934, на датэрміновым галасаванні – 203. 17-га лістапада прагаласавалі 331, дома прагаласавалі 114, сапсаваных бюлетэняў няма. Мае падлікі цалкам супалі з падлікамі камісіі. Яны яшчэ раз пералічылі, павесілі пратакол, і ўсё ў парадку.
Назіральніца кажа, што ёй не заміналі назіраць за падлікам бюлетэняў, і адзіная скарга, якую яна напісала – пра тое, што ёй не прадэманстравалі кожны бюлетэнь паасобку з паведамленнем пазначанага прозвішча.
Пасля запакоўкі бюлетэняў у камісіі прагучаў тэлефонны званок, і на пытанне ў слухаўцы, старшыня сказаў: “Усё, позна”. Пра гэта распавядаюць прысутныя назіральнікі, якія непакояцца, каб у старшыні не было праблем . Бо ЦВК афіцыйна паведаміў, што сярэдняя лічба яўкі на Віцебшчыне ці не ў два разы вышэйшая – амаль 77%.
Увечары 17-га лістапада некаторыя незалежныя назіральнікі таксама паведамлялі, што выбары на іх участках не адбыліся. Прыкладам, Наталля Шарыпа падлічыла, што на яе ўчастку №49 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі яўка склала ўсяго 31%, але ў выніковых дакументах камісія пазначыла 60%.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск