У Віцебску зноў судзяць удзельнікаў мірных пратэстаў



У судзе Першамайскага раёна адбыліся некалькі працэсаў, якія скончыліся пакараннямі для тых, хто па нядзелях выходзіў на маршы супраць міліцэйскага гвалту і фальсіфікацый на выбарах.

Суддзя Міхаіл Юрчанка пастанавіў аштрафаваць на 270 рублёў (10 базавых велічынь) Алену Каваленку – былую жонку ці не самага вядомага актывіста Сяргея Каваленкі, які 10 гадоў таму вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў цэнтры Віцебска. Алену Каваленку суд прызнаў вінаватай за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 13-га верасня. Міліцыянты пазналі яе на аператыўных відэазапісах. А суддзю чамусьці вельмі цікавілі яе палітычныя погляды, кажа жанчына:

– Адразу пачаў з таго, маўляў, як вы ставіцеся да выбараў. Ці чула я пра такія шэсці з лозунгамі , з сімволікай. Я сказала, што так, і што людзі маюць права выказваць свае погляды. Ён парыраваў, што спачатку яны мусілі атрымаць дазвол. Але я сказала, што раней спрабавала атрымаць дазволы на масавыя мерапрыемствы, але іх ніколі не дазвалялі.

Той самы суддзя Міхаіл Юрчанка аштрафаваў на 189 рублёў (7 базавых велічынь) Андрэя Кулакова . Гэта гаспадар “Жывемабіля” – мікрааўтобуса, расфарбаванага ў колеры нацыянальнага сцяга і з надпісам “Жыве Беларусь!” Транспартны сродак яшчэ раней арыштавала міліцыя, а кіроўцу аштрафавалі за ўдзел у мірных пратэстах , на якія ён цяпер ходзіць пехам.

Актывістку АГП, стваральніцу прафсаюза прадпрымальнікаў “Разам” Ірыну Яскевіч судзіла суддзя Вераніка Барысава. Спадарыня Ірына даводзіла, што ў пратаколе пра яе напісана няпраўда:

– Па відэазапісах відаць, што жанчына, падобная да мяне, ідзе, нічога не крычыць, абапіраецца ці то на кіёк, ці то на парасон… Яна гуляе! Ёй у сілу ўзросту належыць прагульвацца, гэта рэкамендавана лекарамі! Толькі вось лекары не сказалі, па якіх менавіта вуліцах і ў які час гуляць нельга.

Суд пастанавіў вынесці Ірыне Яскевіч папярэджанне. Гэта дастаткова рэдкі выпадак у судах апошняга часу. А каб суд скасаваў адміністрацыйную справу, прызнаўшы чалавека невінаватым, такога яшчэ не было ўвогуле.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск