Барыса Хамайду адпусцілі з міліцыі без складання пратаколу (абноўлена)



Апазіцыянера адпусцілі з аддзелу міліцыі Чыгуначнага раёну праз дзве з паловай гадзіны, не складаючы пратаколу. Дзяжурны нават выбачыўся перад Барысам Хамайдам, перадаючы яму словы пра тое, што ён вольны. На думку распаўсюдніка незалежнага друку, прычына затрымання, відавочна, была ў тым, каб ён не стаяў у цэнтры Віцебску пад бел-чырвона-белым парасонам, калі ў Менску заканчваецца так званы „народны сход”.

* * * 

За два апошнія дні найстарэйшага віцебскага апазіцыянера затрымліваюць ужо другі раз. Учора ў аддзеле міліцыі Чыгуначнага  раёну яго папярэдзілі, што будуць  забіраць яго штодня, бо ён “выкарыстоўвае бел-чырвона-белую сімволіку, як сказалі міліцыянты.

Сёння  ён, як і штодня, прыйшоў да так званага “сіняга дома” на вуліцы Леніна, дзе зазвычай распаўсюджвае беларускія друкаваныя выданні. Праз 15 хвілін з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і забралі ў пастарунак. Пра гэта праз тэлефон паведаміў сам спадар Хамайда:

– Я палову расклаў усяго, не паспеў яшчэ ні парасон расчыніць, нічога. Адзінае, не сказалі, што забіраюць на прафілактычную гутарку, а так усё, як учора. Я спытаўся, за што мяне забіраюць, сказалі, што “па законе”. Нельга з беларускай літаратурай стаяць, такі закон? Раней у мяне бел-чырвона-белыя сцяжкі былі, а зараз і гэтага няма.  

 Яшчэ ў студзені мінулага году міліцыянты  забралі ў Барыса Хамайды вышываны рушнік  з малітвай, сцяжкі, стужкі – усё, што аздабляла  ягонае “працоўнае месца”. Нічога з  маёмасці не вярнулі, хаця паводле таго  інцыдэнту ўжо адбыўся суд, і 68-гадоваму апазіцыянеру прысудзілі штраф памерам 50 базавых велічынь ( на 24 снежня 2020г. – 1350 рублёў). Суддзя Чыгуначнага райсуду Вольга Шапавал прызнала яго вінаватым у несанкцыянаваным пікетаванні. Учора міліцыянты прыгразілі Барысу Хамайду, што пакінуць яго без пенсіі – што яго будуць затрымліваць і судзіць за кожны выхад да “сіняга дома”.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск