У візавым цэнтры Літвы ў Менску абрынулася столь
У візавым цэнтры Літвы, які знаходзіцца ў будынку гандлёвага цэнтра «Галілеа», абрынулася столь. У МНС Беларусі пацвердзілі, што пашкоджаная падвясная столь. Гэта здарылася на шостым паверсе будынка па вуліцы Бабруйскай, 6. Па інфармацыі ратавальнікаў, пацярпелых няма.
Мяркуючы па фота і відэа, канструкцыі паваліліся над сядзеннямі, дзе людзі чакалі сваёй чаргі на падачу дакументаў. Як удакладняе МНС, абвальванне адбылося на плошчы каля 40 квадратных метраў.
Візавы цэнтр Літвы пераехаў у будынак на вуліцы Бабруйскай некалькі месяцаў таму. У гэтым жа будынку знаходзіцца гандлёвы цэнтр «Галілеа».
Відавочца, якая прыйшла з дачкой, кажа, што столь абвалілася ў іх на вачах.
– Звалілася практычна на нас. Мы незадоўга да гэтага як раз пераселі наперад з той часткі памяшкання, дзе павалілася столь. Калі б не пераселі – пазабівала б.
Мінчанка кажа, што чула аб адным пацярпелым, але нікога з памяшкання не выносілі.
– Там як раз апошнія сядзенні і вялікія будкі, у якіх здымаюць біяметрыі ці яшчэ нешта робяць. Вось на ўсё і павалілася столь з усёй арматурай.
Цяпер у візавы цэнтр нікога не пускаюць. Шмат каму з кліентаў візавага цэнтра трэба атрымаць пашпарты. Людзі, запісаныя на 24 ліпеня, занепакоеныя: ім патрэбныя візы, у тым ліку транзітныя, некаторыя спяшаюцца на працу ў іншыя гарады. Супрацоўнікі візавага цэнтра абяцалі ў 14.00 даць на сайце падрабязную інфармацыю, як паступіць з пашпартамі і дакументамі.
Візавы цэнтр Польшчы на пятым паверсе гандлёвага цэнтра «Галілеа» працуе. На месцы працуюць прадстаўнікі Следчага камітэта.