У Воранаўскім раёне хлопца зарэзалі з-за рэўнасці



Ноччу 7 траўня ў адной з вёсак Воранаўскага раёна ад нажавога ранення памёр мясцовы жыхар 1994-га года нараджэння. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

Папярэдне ўстаноўлена, што перад смерцю маладога чалавека ў кампаніі знаёмых, якія разам выпівалі, узнік канфлікт. Сварка адбылася з адным з сабутэльнікаў 1990 года года нараджэння на глебе рэўнасці да дзяўчыны, якая знаходзілася з імі. Загінулы і падазраваны ў нейкі момант выйшлі на вуліцу высветліць адносіны. У апошняга з сабой быў нож. Неўзабаве выйшлі астатнія з кампаніі і выклікалі хлопцу, які сцякаў крывёй,  хуткую дапамогу. Рэанімацыйныя мерапрыемствы выніку не далі.

Заведзена крымінальная справа па артыкуле “Забойства”. Падазраваны затрыманы, віну прызнаў. Праводзяцца следчыя дзеянні. Абодва раней судзімыя за крадзяжы, нідзе не працавалі.