У Воршы абвясцілі тэндар на знос ужо неіснуючага будынка
Музей савецкага партызана Канстанціна Заслонава хочуць дэмантаваць за бюджэтныя сродкі, хоць будынак музея не існуе ўжо некалькі месяцаў. Анекдатычная гісторыя з падазрэннем на карупцыйную схему развіваецца ў Воршы. Упраўленне капітальнага будаўніцтва Аршанскага райвыканкама абвесціла тэндар на знос будынка, які моцна пацярпеў падчас урагану 13-га ліпеня, а ўжо двума тыднямі пазней перастаў існаваць. Але пустэча на месцы былога музея не перашкодзіла аршанскім чыноўнікам 16-га жніўня скласці неабходныя дакументы на яго дэмантаж.
У лістападзе быў абвешчаны тэндар на знос неіснуючага будынка амаль на 63 тысячы рублёў. Галоўны рэдактар аршанскага рэгіянальнага парталу orsha.eu Ігар Казмерчак адзначае, што ў сітуацыі магчымыя два варыянты – карупцыйная схема альбо проста спроба заднім чыслом паказаць законнасць зносу музея.
– Тут могуць быць два варыянты. Першы – гэта насамрэч можа быць нейкая карупцыйная схема, бо такія сайты мала праглядаюцца грамадствам, а нехта сапраўды вырашыў “адмыць” грошы, прызначаныя на дэмантаж будынка. Але можа быць, што насамрэч усё тут не так і страшна, ніякай карупцыі няма, а папросту бюракратычная сістэма не спрацавала своечасова: спачатку разабралі будынак, а потым зразумелі, што гэта ж па-іншаму трэба было дэмантаваць яго. Магчыма, што гэта чыста бюракратычнае пытанне.
Музей Канстанціна Заслонава ў Воршы шмат гадоў знаходзіўся ў аварыйным стане. Будынак меў 102 гады, але яго ніхто капітальна не рамантаваў з 1952 года. Моцны ўраган у ліпені змусіў аператыўна перавезці экспанаты музея ў іншае месца. Улады пакуль ніяк не каментуюць сітуацыю вакол падазронага тэндара.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша