У Воршы адкрылася „Цудоўная крама”
Гэта крама, дзе можна набыць сувеніры з нацыянальным каларытам. Яе адкрыў мясцовы актывіст, кіраўнік грамадскага аб’яднання “Звяз”, а з нядаўняга часу яшчэ й прадпрымальнік Ігар Казмярчак.
Разам з мясцовымі мастакамі ён распрацаваў эскізы для футболак, кубкаў, значкоў, торбачак, і спачатку гэтыя вырабы прадаваліся падчас розных мерапрыемстваў. Цяпер іх можна будзе набыць у адмысловай краме, назву для якой абіралі з дапамогай інтэрнэт-карыстальнікаў у сацыяльных сетках. Чаму абралі менавіта яе, тлумачыць сам гаспадар:
– Вельмі шмат варыянтаў было, але мы ніяк не маглі знайсці ідэал. Потым стварылі фокус-групу з нашых знаёмых, беларускамоўных і расейскамоўных людзей. І нешта зачапіліся за слова “цуд”. Яно адпавядае нашай краме – бо мы і гандлюем цудамі. Таму спыніліся на назве “Цудоўная крама”, якая месціцца каля самага аршанскага вакзалу, вуліца Молакава, 5.
У краме можна набыць і вырабы аршанскіх рамеснікаў, і прадукцыю мясцовай мастацкай фабрыкі. Таксама ў “Цудоўнай краме” можна замовіць футболку з малюнкамі, якія прапануюць самі пакупнікі. На адкыццё крамы быў запрошаны музыка Сяржук Доўгушаў, а самым першым пакупніком стаў аршанскі калекцыянер Алесь Сярожкін, які знайшоў, чым папоўніць свой збор :
– Тое, што мяне цікавіць – значкі беларускія. Я тут убачыў два цудоўныя значкі аршанскія, з гурбам Воршы, і я іх набыў. На адным надпіс “Орша”, а на другім гістарычны назоў “Ворша”.
Аршанская “Цудоўная крама” стала, пэўна, адзіным месцам на Віцебшчыне, дзе можна набыць нацыянальна-арыентаваную сувенірную прадукцыю, а таксама нацыянальную атрыбутыку. У 2017 годзе ў Віцебску была адчынілася крама “Князь Вітаўт”, але праіснавала нядоўга: гаспадары мусілі пераарыентавацца на гандаль у інтэрнэце. Бо пакупнікоў было няшмат, дый тыя не надта заможныя, каб выручкі хапала і на развіццё бізнесу і арэндную плату.
Ганна Ліпка, Беларуская Радыё Рацыя