У Воршы камунальныя справы вырашаюць праз флэш-моб



У Воршы дагрукацца да чыноўнікаў з інфармацыяй аб кепскай дарозе ўдалося толькі праз флэш-моб. Звычайныя звароты не далі плёну, і тады мясцовыя грамадскія актывісты сталі з плакатамі каля самай глыбокай і вялікай лужыны на праблемнай вуліцы Гомельскай. У выніку праз некалькі дзён дарогу прывялі да ладу.

Кажа адна з удзельніц флэш-мобу Алена Кучынская:

– Вырашылі зрабіць флэш-моб. Намалявалі плакаты, прадумалі, каб было цікава, напрыклад, “Вуліца Гомельская непрахадзімая”, або “Хто хоча прыняць гразевыя ванны на любым відзе транспарту, ці пешшу, то запрашаем на вуліцу Гомельскую”. І стаялі каля самай вялікай калюжыны, трымалі плакаты. Гэта падзейнічала, да нас прыслухаліся. Хутка-хутка там залаталі тыя выбоіны, і цяпер там добра ісці.

Актывісты зазначаюць, што збор подпісаў жыхароў вуліцы Гомельскай, а таксама сустрэчы з чыноўнікамі выканкаму ў прыёмныя дні не мелі сэнсу. Калі ж актывісты правялі флэш-моб і апублікавалі фотаздымкі з яго ў інтэрнэце, дарогу нарэшце адрамантавалі.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя