У Воршы маці з непаўнагадовай дачкой выселілі з дому



У Воршы маці з непаўнагадовай дачкой выселілі з дому, не чакаючы рашэння суда на касацыйную скаргу. Наталля Напалкава і яе 11-гадовая дачка Вераніка былі выселеныя з дому службай судовых прыставаў яшчэ ў красавіку, хаця ў судзе больш высокай інстанцыі чакала разгляду іх справа.

Напярэдадні Віцебскі абласны суд правёў разгляд справы пасля таго, як Вярхоўны суд апратэставаў рашэнне Аршанскага суда, прызнаўшы яго незаконным. Кажа Наталля Напалкава:

– Нічога канкрэтнага не было сказана. Таксама я прадставіла акт агляду, які праводзіўся ўжо пасля абвяшчэння рашэння Аршанскага суда, у якім канкрэтна праглядваецца, што нас перасялілі ў горшыя ўмовы – без каналізацыі, без вады, без святла і газа.

Судовая справа вакол спрэчнага дома вядзецца паміж былымі свякроўю і нявесткай з 2013 года. Былая свякроў кажа, што робіць усё дзеля ўнучкі і збіраецца прадаць дом. А Наталля Напалкава кажа, што Аршанскі суд незаконна перасяліў яе з непаўнагадовай дачкой у горшую палову дома. Пакуль Віцебскі абласны суд абвясціў перапынак на нявызначаны тэрмін.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша