У Воршы на Дзень Волі – суботнікі і выклікі у Следчы камітэт
У Воршы, дзе 12-га сакавіка адбылася адна з найбольш масавых і рэзанансных акцый супраць улады, працягваецца пераслед дэмакратычных актывістаў і робяцца спробы нейтралізацыі звычайных людзей. Так, 23-га сакавіка ў РАУС пабываў прадстаўнік партыі АГП Станіслаў Храпавіцкі, там ён атрымаў позву ў Следчы камітэт якраз на 25-га сакавіка на 11:00. На той жа час позву ў гэтую ўстанову атрымаў і прадстаўнік партыі БНФ Ігар Казмярчак. Паведамляе карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Кастусь Багушэвіч:
– Аршанскія ўлады спрабуюць не дапусціць прыезду ў сталіцу многіх актывістаў апазіцыі і грамадска актыўных людзей. Відавочна ў Следчым камітэце, куды выкліканыя актывісты, будуць браць тлумачэнні наконт акцыі 12-га сакавіка. Мала сумневу, што грамадскіх дзеячоў пратрымаюць там не адну гадзіну, каб у іх не было магчымасці з’ехаць у Менск і далучыцца да святкавання Дня Волі. Акрамя таго, як стала вядома, на шэрагу прадпрыемстваў Воршы пастаўлены працоўныя дні альбо суботнікі. Такім чынам, напрыклад, 25 сакавіка ўзнік нечаканы суботнік у работнікаў чыгункі.
На наступны дзень пасля Дня Волі, у самой Воршы запланавана чарговая акцыя пратэсту. Пакуль жа за кратамі ўсё яшчэ знаходзяцца вядомыя актывісты. Грамадскі актывіст Віктар Андрэеў выйдзе на волю 25-га сакавіка, праваабаронца Васіль Бераснеў 26-га, сустаршыня БХД Павел Севярынец 27-га, старшыня Аршанскай суполкі прафсаюзу РЭП Аляксандар Булаўка 28-га сакавіка.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша
Фота autoorsha.com