У Воршы – першая смерць ад каронавіруса



У Аршанскім раёне зарэгістравана 11 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Стан 9-ці хворых, у якіх знайшлі каронавірус,  здавальняючы, адзін з пацыентаў – у цяжкім стане. Што да памерлага,  то “ён меў шэраг хранічных захворванняў”, як паведаміў  “Аршанскай газеце” галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Белы.

Яшчэ тыдзень таму афіцыйна паведамлялася толькі пра 5 выпадкаў каронавіруса на Аршаншчыне, было вядома пра 98 асобаў- кантактаў 1-га ўзроўню і яшчэ 105 – кантактаў другога ўзроўню. Цяпер гэтыя лічбы павялічыліся таксама.

Пра першых захварэлых на каронавірус у Воршы загаварылі яшчэ напрыканцы сакавіка. Але  афіцыйнай інфармацыі аршанцам ніхто не паведамляў. 2-га красавіка на сайце Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў размешчаны план захадаў дзеля абмежавання распаўсюду каронавіруса ды іншых вострых рэспіраторных інфекцый. Паводле службоўцаў, гэты план дзейнічае ўжо з 27-га сакавіка. Ён складаецца з 32-х пунктаў і нагадвае падобныя дакументы, прынятыя раней у Віцебску і Полацку. Адрозненне хіба ў тым, што на аршанскія міліцэйскія структуры афіцыйна ўскладзены абавязак кантраляваць асобаў, якія павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі. У сваю чаргу, эпідэміёлагі абавязаны інфармаваць міліцыю пра колькасць і месца жыхарства гэтых асобаў. 

Аршанцаў вельмі трывожыць павелічэнне выпадкаў пнеўманіі ў горадзе. Пацыентамі з такім дыягназам запоўнены  мясцовыя лякарні. Вызвалены для прыёму хворых і адмысловы санаторый  для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны  ў мястэчку Юрцава Аршанскага раёна.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск