У Воршы прайшоў першы рэгіянальны Фэст грамадскай актыўнасці



На імпрэзе, падрыхтаванай аршанскім моладзевым аб’яднаннем “Звяз”, пра сваю дзейнасць распавялі прадстаўнікі розных гарадскіх суполак і грамадскіх ініцыятываў. Яны падрыхтавалі прэзентацыі, фотавыставы, падзяліліся аповедамі пра свае дасягненні з гасцямі фэсту. А журы вызначыла пераможцаў. Вартых уганаравання аказалася шмат, і традыцыйных трох прызавых месцаў проста не хапіла, распавёў кіраўнік “Звязу” Ігар Казмярчак:

– З дзесяці арганізацыяў павінна было быць вызначана тры найбольш актыўных. А вызначылася пяць. Мы так не прадугледжвалі, але журы вырашыла, што другая і трэцяя прэміі павінны быць падзеленыя. Першае месца атрымала аршанская суполка Таварыства беларускай мовы, яны вельмі актыўна працавалі ў гэтым годзе.

Трэцяе месца падзялілі аршанская суполка прафсаюзу РЭП і экалагічна-культурніцкая ініцыятыва “Чысты свет”. Другое месца было прысуджана вядомай ініцыятыве “Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, якая аб’ядноўвае нашчадкаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, і зусім маладая ініцыятыва “Хвосцікі”, удзельнікі якой дапамагаюць беспрытульным жывёлам.

Тое, што ў ліку пераможцаў апынуліся прадстаўнікі абсалютна розных накірункаў грамадскай дзейнасці, павінна пайсці на карысць далейшаму развіццю, лічыць кіраўнік суполкі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны:

– Заўсёды нармальна, калі ёсць канкурэнцыя. Было вельмі прыемны паглядзець, як арганізацыі стараліся, рыхтаваліся, колькі тут стэндаў, колькі людзей перазнаёміліся! Усё гэта спрыяе нашай актыўнасці, нашай культуры, агульначалавечай. І прыемна, што далучаецца моладзь, бо за ёй – будучыня.

 

Фэст грамадскай актыўнасці прайшоў на аграсядзібе “Пуцяціна” ў вёсцы Стаўры Аршанскага раёну. Такая імпрэза адбылася ўпершыню, але цалкам верагодна, што яна стане традыцыйнай.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя