У Воршы ўсё ж зарэгістравалі грэка-каталіцкую парафію
Грэка-каталіцкая парафія Покрыва Прасвятой Божай Маці існуе ў Воршы з 1999 года. У папярэднія гады ўніяты атрымлівалі пастаянныя адмовы на рэгістрацыю з розных прычын, але цяпер дамагліся афіцыйнага прызнання ад аршанскіх уладаў.
У дадзены момант службы наведвае каля 20 чалавек, а пачыналася ўсё меней, чым з дзясятка вернікаў. Але тут заўсёды без пропускаў праводзіліся набажэнствы, адзначаліся хрысціянскія святы. І гэта пры тым, што аршанскія ўніяты не маюць уласнага будынку і таму моляцца ў рыма-каталіцкім касцёле святога Язэпа. Распавядае верніца Яўгенія Казлова:
– Яна пачала нараджацца ў 1999 годзе. Хадзіла не шмат людзей, зараз трохі больш канешне. Новыя людзі ёсць, але парафія ўсё роўна не вельмі вялікая па колькасці. Вельмі цікавыя літургіі ў нас, часта наведвае нас айцец Сяргей, я яму нават верш прысвяціла да 70-годдзя.
Службы грэка-каталікоў Воршы адбываюцца ў рыма-каталіцкім касцёле святога Язэпа штонядзелі а 14-й гадзіне.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша