У Воршы збіраюць подпісы за адмену „падатку на дармаедаў”
Прадстаўнікі аршанскага аддзялення прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і іншых галін гаспадаркі пачалі збор подпісаў за адмену Дэкрэта № 3, які ў народзе называюць падаткам на “дармаедаў”.
Пакуль подпісаў сабрана няшмат, але кіраўнік прафсаюза РЭП у Воршы Аляксандр Булаўка адзначае, што працэс збору ідзе даволі лёгка, што не дазваляе сумнявацца ў поспеху справы:
– Мы толькі пачалі збор подпісаў, напрыклад, асабіста я сабраў два аркушы – 36 подпісаў за два дні. Толькі пачалі раздаваць, людзі ахвотна падпісваюць, вось напрыклад я прайшоў па суседзях, усе разумеюць, пытанняў няма. Падчас іншых мерапрыемстваў, калі я збіраў, сумняваліся, то тут добра збіраюцца. Я ўпэўнены, што збяром шмат подпісаў. Людзі выдатна ўсё гэта разумеюць, гэта вельмі набалелае. Мы апошні дзень будзем збіраць напэўна 15-га, я аддам подпісы. Я лічу, што не напружваючыся аркуш у дзень можна сабраць лёгка.
Ставіць свае подпісы ў Воршу прыязджаюць людзі з гарадоў Дуброўна, Барань, шматлікіх навакольных вёсак. У тым ліку нямала людзей, якія паводле Дэкрэту № 3 дармаедамі не лічацца, бо маюць афіцыйнае працаўладкаванне, аднак лічаць неабходным праявіць салідарнасць і выступаюць за адмену падатка.
Беларускае Радыё Рацыя, Ворша