У Воршы – зноў штраф за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім
Аршанку Алену Мірашнічэнка , вядомую ў горадзе абаронцу жывёлаў, аштрафавалі на 675 рублёў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага. Сустрэча адбылася 18 сакавіка, і амаль праз два месяцы аршанская міліцыя раптам пра яе “успомніла”.
На дзяўчыну склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Алена з гэтым не згодная:
– Прыйшоў следчы: “Вы ўдзельнічалі ў пікеце, які арганізаваў Сяргей Ціханоўскі”. Я кажу: “Я гуляла па горадзе і ўбачыла блогера, на якога падпісана і якога паважаю. Я захацела з ім паразмаўляць і падышла да яго. Але ж гэта не парушэнне нейкіх там законаў!
Працэс над Аленай Мірашнічэнка праходзіў у звыклым фармаце – у судовай залі. Суд пакараў дзяўчыну штрафам памерам 25 базавых велічынь (675 рублёў). Напярэдадні ў судзе Воршы і Аршанскага раёну па 10 сутак арышту прысудзілі Аляксандру Андрэеву і Іллі Ціханаву, таксама ўдзельнікам сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім. Сябры тут жа арганізавалі кампанію падтрымкі для арыштаваных, распавёў аршанскі праваабаронца Ігар Казмярчак:
– Учора ў суд у Воршы сабраліся каля 30-ці чалавек, і адразу пасля суду людзі вельмі хутка самаарганізаваліся, пачалі прапаноўваць дапамогу, падтрымку матэрыяльную ў тым ліку. Знайшліся кіроўцы з машынамі, каб збіраць сродкі ад тых, хто гатовы ахвяраваць на перадачы і на падтрымку сем’яў.
За ўдзел у сустрэчах з блогерам Сяргеем Ціханоўскім яшчэ будуць судзіць жыхароў Полацку. Сустрэчы з блогерам у Полацку і Наваполацку адбыліся напрыканцы красавіка, і вядома, што прынамсі яшчэ два суды над удзельніцамі стрымаў пройдуць 21-га і 22-га траўня.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя