У Вярхоўным судзе пройдзе яшчэ адзін працэс па «справе Віктара Бабарыкі»
19 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі адбудзецца разгляд справы ў дачыненні да Віктара Бабарыкі і яшчэ 7 чалавек, якія раней праходзілі па «справе Белгазпрамбанку». Запіс у раскладзе Вярхоўнага суда заўважыў Альянс расследнікаў Беларусі.
Старшыня праўлення «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка вылучаўся кандыдатам на прэзідэнцкія выбары 2020 году. У чэрвені 2020 году яго арыштавалі, а ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабараў арганізаванай групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры». 6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд засудзіў Віктара Бабарыку на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 5 тысяч базавых велічынь.
26 красавіка 2023 з’явілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка Ад таго часу звестак ад яго не было. Калі суд не зробяць закрытым ці «завочным», на судзе з’явіцца магчымасць нарэшце пабачыць Віктара Бабарыку.
Беларускае Радыё Рацыя