У вяскоўца пад Маладэчнам канфіскавалі 200 л самагону
Міліцыянеры знайшлі самагонны апарат і больш за 3,5 тыс. л брагі ў жыхара вёскі Вязавец Маладэчанскага раёна.
Участковыя інспектары правяралі інфармацыю, якая паступіла ад мясцовых жыхароў. „Яны заспелі непрацуючага 40-гадовага вяскоўца на падворку прама ў працэсе вырабу самагонкі. Са слоў мужчыны, ён наладзіў вытворчасць ўсяго толькі тыдзень таму і выключна для ўласных патрэб. Аднак аб’ёмы кажуць пра адваротнае: акрамя апарата канфіскавана 200 л гатовага прадукту”, – распавялі ў МУС.
Уразілі праваахоўнікаў тэхналагічны падыход да справы і маскіроўка: ад устаноўленага ў хляве агрэгата адходы вытворчасці паступалі па пракладзеных пад зямлёй трубах. Яны траплялі ў грузавы аўтамабіль, які стаяў у гаражы. Пры запаўненні ёмістасцяў ўсё вывозілася і выкідвалася.
