У Вязынцы пакажуць польска-савецкую мяжу
У філіяле Музея Янкі Купалы ў Вязынцы пройдзе вайскова-гістарычны фэст. Галоўнай адметнасцю мерапрыемства стане рэканструкцыя памежнага пераходу міжваеннага часу, на якім будзе праводзіцца праверка дакументаў, памежкамісарская сустрэча і абмен перабежчыкамі. Пра гэта Беларускай службе Польскага радыё паведаміў арганізатар фэсту, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў.
Акрамя таго, чальцы Групы вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім» прадэманструюць гасцям імпрэзы аўтэнтычную ўніформу жаўнераў Памежных войскаў НКУС БССР, а таксама польскага Корпусу аховы памежжа.
У сваю чаргу Ігар Мельнікаў пакажа ўнікальныя артэфакты, здымкі і матэрыялы са свайго прыватнага архіва. Кожны ўдзельнік зможа атрымаць унікальную копію даваеннага пашпарта адной з еўрапейскіх краін і паставіць у яго на памяць пячатку аб перасячэнні даваеннага «кардону».
Пачатак мерапрыемства ў нядзелю, 22 ліпеня, а 12.30.
Паводле radyjo.net