У выказваннях ксяндза Вячаслава Барка не знайшлі экстрэмізму



Ксёндз Вячаслаў Барок, пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча, быў выкліканы ў Полацкі следчы камітэт, дзе яго пазнаёмілі з вынікамі экспертызаў 8-мі ягоных ролікаў на YouTube-канале і аднаго з выказзванняў у Фэйсбуку.

Даследаванне  сацыяльна-псіхалагічнай накіраванасці праводзіў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў, упраўленне судова-псіхіятрычных экспертызаў ва Віцебскай вобласці. Нічога небяспечнага адмыслоўцы не знайшлі, паведаміў ксёндз Вячаслаў:

– Яны абсалютна правільна заўважаюць, што я негатыўна ацэньваю дзеянні сілавікоў, уладаў, гвалт, беззаконне. Але! “Інфармацыйныя матэрыялы не звязаны з усталяваннем варожай сацыяльна-псіхалагічнай устаноўкі або негатыўнага стаўлення да нейкай групы, аб’яднанай па прыкмеце расавай, рэлігійнай, нацыянальнай або расавай прыналежнасці.

На думку ксяндза Вячаслава, з гэтага і вынікае, што ў ягоных выказваннях няма складу крымінальнага злачынства. Аднак афіцыйнай адмовы ў распачынанні крымінальнай  справы ён пакуль не атрымаў: у Следчым камітэце яму паведамілі, што дакумент яму дашлюць па пошце найбліжэйшымі днямі. Праверка паводле падазрэнняў у экстрэмізме і распальванні міжнацыянальнай варажнечы праводзілася ў дачыненні да Вячаслава Барка з лістапада мінулага году.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск