У вёсках Слонімшчыны невядомыя звяры загрызаюць сабак



Ужо амаль месяц жыхары Слонімшчыны ўстрывожаны здарэннямі, якія адбыліся ў вёсках Дзераўная, Загрыцькава, Дуброўшчына, дзе невядомыя звяры загрызлі і пакусалі некалькі сабак. Адны сабакі зусім зніклі з падворкаў вяскоўцаў, іншых знайшлі разарванымі каля хат, на вуліцах і за вёскамі.

Што гэта за звяры-драпежнікі – людзям пакуль убачыць і даведацца не ўдалося. Адны кажуць, што гэта мажліва нападаюць ваўкі, іншыя мяркуюць, што гэта рысь. Ёсць і такія версіі, што гэта зусім невядомы звер нападае на гаспадаркі вяскоўцаў і знішчае сабак і катоў. Але драпежнікаў пакуль ніхто не бачыў і не злавіў.

Людзі нават баяцца поцемкам выходзіць на вуліцы. Цяпер у гэтых вёсках ноччу нясуць варту са стрэльбамі сябры таварыства паляўнічых, а таксама работнікі лясгасу. Пакуль звяроў-забойцаў ніхто не знайшоў, але варта і пошукі працягваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён