У вёсцы Кабакі адключаюць газ
Жыхары вёскі Кабакі ў шоку. Газавікі пачалі безкампрамісна адразаць газ у тых, хто не замяніў старога газавага абсталявання або ягоных элементаў на новае ці не прайшоў навучання па доглядзе за дымаходамі. Пра што газавыя службы папярэджвалі яшчэ год таму. Але з-за мізэрных пенсій і заробкаў многія не змаглі выканаць папярэджанняў. Астацца без ацяплення ў зімовую пару года – катастрофа, асабліва сем’ям з дзецьмі, кажуць вяскоўцы:
— За якія грошы я памяняю, калі ў мяне пяцёра дзяцей. Увесь год не працавала: я пасля аперацыі. Што мне цяпер рабіць?
— Прыехалі, адключылі і ўсё. Кажу, што малое дзіця, а гэта нікога не турбуе. Прыехалі два мужчыны, паглядзелі: працуе і аўтаматыка працуе, гофра алюмініевая цэлая. І кажуць: мяняйце да абеду, бо алюмініевую нельга, стаўце з нержавейкі.
Работнік “Бярозамежрайгаза” кажа, што адразаюць газ па ўсім раёне. У Кабакі не паспелі даехаць у цёплы час, а старое абсталяванне мяняць прыйдзецца абавязкова, нягледзячы ні на якія акалічнасці і за падключэнне трэба будзе заплаціць таксама:
— Едзем пра графіку, летась былі ўзімку і цяпер узімку едзем. У нейкіх вёсках летам, восенню. Людзі з мінулага года ведалі, што гэта мяняць трэба. У мяне таксама стаяла алюмініевая гофра, я замяніў і навучанне прайшоў, хоць у мяне ў кішэні паперак мора.
Паводле мясцовага дэпутата Валеры Білібухі, улада як заўсёды, усё робіць пад сябе, не думаючы пра чалавека. Трэба ж было неяк прадумаць фінансавы бок гэтага пытання, каб дапамагчы маламаёмасным людзям замяніць абсталяванне. Адключэнне газу з-за адсутнасці паперкі пра навучанне дэпутат лічыць дзяржаўным ад’ёмам грошай у людзей.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя