У вёсцы Мярэцкія лазня будзе працаваць да выбараў
Жыхары вёскі Мярэцкія, што на Глыбоччыне, правялі народны сход і дамагліся таго, што ўлады не зачынілі ў іх мясцовасці лазню. Яна пабудаваная сорак год таму, але карысталася попытам у мясцовых жыхароў. У гэтым годзе кіраўніцтва Глыбоцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашыла яе закрыць, спасылаючыся на прадпісанне санстанцыі.
Па словах жыхароў вёскі Мярэцкія, яны занепакоены тым, што лазня будзе працаваць толькі да выбараў. Пра гэта ім сказаў супрацоўнік ЖКГ, былы ідыёлаг гэтай арганізацыі, што ўсё адно ў хуткім часе лазню зачыняць, як гэта зрабілі ў вёсках Ломашы і Удзела.
– Гэта лазня магла існаваць, але нечакана чыноўнікам захацелася штосьці іншае пабудаваць. Прадаць проста трэба было камусьці, узяць грошы на лапу, атрымаць барышы і даход. Вось нашы чыноўнікі робяць, яны гэта ўмеюць рабіць, навучыліся і добра ў іх гэта атрымліваецца.
– Патрэбна яна людзям, ёсць у некаторых і асабістая, але ўжо людзі старыя. Лазню трэба вытапіць, патрэбна вада, трэба прыбраць, таму ў лазню хадзілі ўвесь час. Як сказаў Лукашэнка, што цэны не павінны падрастаць, дык яны з 25000 зрабілі 45000.
– Пакуль сказалі адкрыюць па 45000. Пакуль мыліся ў гэтую суботу. Складаная размова была, людзей шмат было, але пакуль у лазні мыемся.
Месяц таму ў Глыбокім пасля рамонту, хоць і няскончанага яшчэ на той час, была ўрачыста адкрыта гарадская лазня з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара