У юрысткі Human Constanta Эніры Браніцкай адбыўся вобшук (абноўлена)
У праваабаронцы і юрысткі праваабарончай арганізацыі Human Constanta Эніры Браніцкай па выніках вобшуку канфіскаваная тэхніка. Вобшукі па месцы фактычнага пражывання праваабаронцы і ў кватэры бацькоў, дзе яна прапісаная, праводзіліся ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках, паведаміла арганізацыя.
7 красавіка Браніцкая выкліканая на допыт у Следчы камітэт, цяпер яна знаходзіцца дома. Перад вобшукам у кватэры, дзе праваабаронца пражывае з двума дзецьмі, было адключанае святло, адзначаецца ў паведамленні.
***
У праваабаронцы і юрысткі праваабарончай арганізацыі Human Constanta Эніры Браніцкай праходзіць вобшук, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, вобшук таксама праходзіць па месцы жыхарства бацькоў Браніцкай.
На якой падставе праводзіцца вобшук, пакуль невядома.