У Жабінцы пахавалі Генадзя Шутава, у якога стралялі з табельнай зброі (абноўлена)
У Жабінцы прайшло пахаванне 44-гадовага Генадзя Шутава, які памёр у ваенным шпіталі Менска 5 дзён таму. Мужчына атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
Развітацца з Генадзем прыехалі байкеры з усей Беларусі. У загінулага засталіся пяцёра дзяцей.
Следчы камітэт паведамляў, што падчас пратэстаў 11 жніўня яго «ненаўмысна паранілі ў галаву са зброі пры нападзе на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку”. Але сваякі загінулага з такой версіяй не згодныя. Яны упэўненыя, што Генадзь не прымаў удзел у масавых беспарадках.
Паводле сястры сябра Шутава Аляксандра Кардзюкова, які зараз у турме, яны пасля акцыі 11 жніўня сядзелі на прыпынку, чакалі аўтобус, каб ехаць дадому. Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву, а яе брата арыштавалі. Генадзь Шутаў памёр у шпіталі раніцай 19 жніўня.
Кажа святар грэка-каталіцкай парафіі ў Берасці а. Ігар Кандрацьеў:
– Куля, якая ўвайшла ў яго, гэта куля ўвайшла ў кожнага з нас. І кожны ўдар дубінкай – гэта ўдар па кожнаму з нас. І тое, што адбылося, я адчуваю, што гэту супраць мяне і супраць кожнага з нас. Вось я так ацэньваю гэтую сітуацыю. І мне хочацца, каб і ў нас было па-іншаму. Я мару, каб наша краіна сапраўды стала больш шчаслівая.
На пахаванне з’ехалася шмат людзей з розных гарадоў, каб аддаць даніну павагі Герою новай Беларусі. Людзі лічаць вінаватым у гэтай смерці Лукашэнку.
Беларускае Радыё Рацыя, Жабінка
Фота Максіма Хлябца і Алесі Адамчук