У Жабінцы за абразу Лукашэнкі мясцовага жыхара асудзілі да „хатняй хіміі”
У судзе Жабінкаўскага раёна 28 траўня за абразу прэзідэнта да двух гадоў „хатняй хіміі” асудзілі 50-гадова Аляксандра Яраша. Крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса супраць мясцовага жыхара ўзбудзілі за паведамленне ў Telegram-канале.
Згодна з матэрыяламі справы,17 снежня 2020 года Яраш са свайго мабільнага тэлефона „размясціў у адным з Telegram-каналаў паведамленне абразлівага характару. У ім утрымлівалася відавочна негатыўная ацэнка асобы кіраўніка дзяржавы”. Паводле версіі абвінавачвання, негатыўная ацэнка ў паведамленні прыніжае аўтарытэт, гонар і годнасць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Да суда Яраш быў пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Яраш чыстасардэчна раскаяўся ў гэтым.
У судовых спрэчках дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пакараць Яраша абмежаваннем волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 2 гады. Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя. Таксама ў даход дзяржавы быў канфіскаваны тэлефон мужчыны, з якога ён пакінуў паведамленне.