У Жамчужненскай школе могуць увесці расейскамоўнае навучанне



У Баранавіцкім раёне паўстала пагроза пераводу адной з нямногіх вялікіх беларускамоўных навучальных устаноў – Жамчужненскай сярэдняй школы – на рускамоўнае навучанне. Адзін з бацькоў з гэтым пытаннем звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Таццяны Якубовіч.

Яна ініцыявала анкетаванне сярод бацькоў, вучняў і настаўнікаў. Вынікі, па словах дырэктара школы Алены Гардзей, 50 на 50. Працэс пераводу досыць складаны і затратны, таму для хвалявання няма прычын, лічыць Алена Гардзей:

– Меркаванні раздзяліліся. Большасць настаўнікаў – за беларускую мову. Большасць бацькоў – за рускую. У вучняў меркаванні таксама падзяліліся. Але не ўсё так проста, бо гэта і падручнікі, і ўся дакументацыя. На гэта спатрэбіцца вельмі шмат грошай.

Настаўнікі і старшыня Баранавіцкага таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі не падзяляюць аптымізму дырэктара:

– Я ўпэўнена, што гэта апошні цвік, які забіваюць у  труну ўсяго беларускага. І зноў узнікаюць змрочныя перспектывы стаць Паўночна-Заходнім краем. Дэпутату трэба займацца больш надзённымі справамі.

– У такі складаны палітычны момант у іх хапіла розуму пачынаць працу па анкетаванні і па пераводзе школы на расейскую мову!

Пасля сустрэчы Мікалая Падгайскага з намеснікам старшыні Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта Леанідам Цупрыкам справа нібыта рушыла ў станоўчы бок і ў школе паабяцалі захаваць беларускую мову.

[Not a valid template] 

Беларускае Радыё Рацыя