У Жлобіне судзяць трох мясцовых жыхароў за ўдзел „у масавых беспарадках”
Суд Жлобінскага раёна разглядае крымінальную справу ў дачыненні да трох маладых людзей, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў „масавых беспарадках” 9 і 10 жніўня 2020 года і „гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі”.
суд
Маладыя людзі, малодшаму з якіх 21 год, старэйшаму — 24, былі затрыманыя ў лістападзе 2020 года. МУС паведаміў, што яны „кідалі камяні і тратуарную плітку ў міліцыянераў і іх службовы транспарт”. „Адзін з затрыманых наведваў пратэсты і ўдзельнічаў у беспарадках у Мінску. За правакацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў малады чалавек атрымаў грошы проста на несанкцыянаваным мерапрыемстве”, — інфармавала міністэрства.
Абвінавачваныя — Ілля Патрушаў, Віктар Шмігельскі і Андрэй Шаўчук. Яны прызналі віну часткова.
Так, Шмігельскі паведаміў, што пайшоў у цэнтр горада з цікаўнасці, лозунгі не крычаў, у счэпцы не стаяў.
Шаўчук заявіў у судзе, што „прызнальны запіс” на відэа МУС зроблены пад націскам. Распавёў, што яго затрымалі супрацоўнікі АМАПа 18 лістапада на БМЗ, вывезлі ў лес, збілі і сказалі, што трэба гаварыць на камеру. На камеру ён расказаў, што з сябрамі біў нагамі ў шчыты міліцыі, кінуў камень у іх бок. „У кастрычніку быў у Мінску на парадзе, там незнаёмы мужчына прапанаваў 50 еўра за ўдзел. Грошы ўзяў, але там хутка ўсіх разагналі, і не паспеў нічога зрабіць”, — заявіў на камеру абвінавачваны, які цяпер адмаўляецца ад гэтых паказанняў.
Як растлумачыў у судзе Патрушаў, „прызнальныя паказанні” аб тым, што ён кідаў камяні ў бок міліцыі, даў на следстве таму, што яго запалохалі, і сваіх знаёмых ён агаварыў.
На судзе выступіў схаваны сведка. Ён даў тлумачэнні, што бачыў, як Шаўчук кінуў камень і трапіў у шчыт. Сведка таксама нібыта бачыў, што Патрушаў біў нагой па шчытах, а Шмігельскі кідаў камяні.
Другі схаваны сведка на судзе даў аналагічныя паказанні.
У Жлобіне за „масавыя беспарадкі” і „гвалт у дачыненні да міліцыі” ўжо асуджаныя некалькі чалавек, самаму малодшаму з якіх, Віталю Прохараву, 17 гадоў. Ён асуджаны на два гады папраўчай калоніі. Разумова адсталы 21-гадовы Дзмітрый Гопта асуджаны на два гады калоніі. На тры з паловай гады суд адправіў у калонію 18-гадовага Яўгена Каханоўскага. Тры гады калоніі атрымаў 18-гадовы Аляксандр Кісялёў.