У Жлобіне прайшлі суды за „актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу” (абноўлена)
У Жлобіне за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве асудзілі аднаногага інваліда Юрыя Юркова і выдатніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Раманюка.
Пра гэта распавяла грамадская актывістка Ілона Ткачова:
– Юрый Юркоў быў інвалідам другой групы, але яе ў яго забралі. Цяпер у яго трэцяя рабочая група, хоць у чалавека вышэй калена няма нагі. То бок гэты чалавек фізічна не мог там актыўна ўдзельнічаць, ён проста там знаходзіўся.
Уладзімір Раманюк – наш пенсіянер, ён 47 год адпрацаваў на чыгунцы. Таксама знаходзіўся на плошчы. Ён тлумачыў суддзі, што падышоў да сваіх сяброў, і ў гэты час у яго быў белы балонік.
Суддзя Жлобінскага раённага суда Наталля Качалава прызнавала вінаватымі Юрыя Юркова і Уладзіміра Раманюка ў парушэнні артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемтсваў». Яна аштрафавала жыхароў Жлобіна на дзесяць базавых велічынь кожнага.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Як паведаміла БелаПАН мясцовая жыхарка Ліяна Шуба, за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу» на 10 базавых велічынь (270 рублёў) суд аштрафаваў ветэрана працы, ганаровага чыгуначніка Уладзіміра Раманенка.
Ён быў заўважаны міліцыяй на відэазапісе мітынгу. «Раманенка прызнаў, што знаходзіўся на плошчы, але не на мітынгу, а сустрэў таварышаў і пагутарыў з імі, ніякай сімволікі ў яго не было. Тым не менш суд прызнаў яго вінаватым», — адзначыла суразмоўца.
Таксама суд Жлобінскага раёна прызнаў вінаватым Юрыя Юркова і аштрафаваў на аналагічную суму. «У сілу сваіх фізічных асаблівасцяў — няма нагі — ён ніяк не мог прымаць актыўны ўдзел у мітынгу, і на відэа відаць, што ён стаіць у старонцы. Тым не менш таксама вінаваты», — сказала Ліяна Шуба.
8 верасня ў Жлобіне за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу будуць судзіць яшчэ чатырох чалавек. Сярод іх Міхаіл Мамай, пляменнік і брат якога арыштаваныя па рашэнні суда.
Суды прайшлі і ў Гомелі. Суд Навабеліцкага раёна прызнаў вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве Таццяну Бачурную, якая з 4 верасня знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Жанчына адна выхоўвае сына-дашкольніка. Яна збірала подпісы за адкліканне дэпутата ПП НС Вольгі Крэч. Міліцыя палічыла гэта несанкцыянаваным мерапрыемствам. Суд аштрафаваў яе на 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Суд Цэнтральнага раёна пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (675 рублёў) Святлану Нарскіну. Яна з 4 верасня таксама знаходзілася ў ІЧУ пасля затрымання.
Чатыры базавыя велічыні штрафу (108 рублёў) атрымаў па рашэнні суда Уладзіслаў Багданаў. Яго міліцыя затрымала 5 верасня. Выхадныя малады чалавек правёў у ІЧУ.