У Жлобіне за пратэсты звольнілі ідэолага „Гомельэнерга” і яе мужа
У Жлобіне звольнілі ідэолага раённага аддзялення “Гомельэнерга” і яе мужа за ўдзел у пратэстах. Сужэнская пара Дзмітрый і Наталля Чаўскіны 16 жніўня далучыліся да маштабнай акцыі пратэсту за сумленныя выбары і супраць гвалту, якая праходзіла ў Жлобіне. Праз нейкі час абодвух грамадзянаў вылічылі праваахоўныя органы. Пасля складання пратакола за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі Дзмітрыя пакаралі 15 суткамі арышту, а Наталлі прысудзілі 10 сутак.
Па выхадзе на волю яны захварэлі на COVID-19, а пазней пазбавіліся працы. Наталля Чаўскіна гаворыць, што мітынг у Жлобіне меў выключна мірны характар:
– Мы ўжо бачылі, што ёсць ланцугі салідарнасці, мы пайшлі паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Я пра гэта абсалютна не шкадую, мне было цікава. Мы схадзілі, паглядзелі. Сабраліся людзі на ДК Металургаў на плошчы. Мы падышлі, там было вельмі шмат людзей, вельмі шмат знаёмых, мы прайшлі ў гэтай калоне. Нам патэлефанавалі з РАУС, сказалі, што трэба падысці паразмаўляць на тэму нашых шпацыраў па горадзе. Нас апыталі, склалі пратакол, з пратаколам мы не згадзіліся.
Прававы інспектар незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка гаворыць, што пры аб’ектыўным разглядзе справы ў судзе Дзмітрый і Наталля Чаўскіны павінны быць адноўленыя на працы.
– Калі суд прыме рашэнне па закону, значыць Чаўскіны абодва павінны быць адноўлены на папярэдняй працы і папярэдніх пасадах. Паколькі тут поўны букет парушэнняў, у тым ліку і забароненая дыскрымінацыя па палітычных матывах. Я не выключаю, што будзе прынятае палітычнае рашэнне, калі суд адмовіць у аднаўленні па розных прычынах.
Дзмітрый і Наталля Чаўскіны маюць супольны стаж працы ў РУП “Гомельэнерга” 27 гадоў. У загадзе аб звальненні абодвух сужэнцаў адзначаецца, што “іх унутраныя перакананні могуць адмоўна паўплываць на ідэалагічны складнік калектыву прадпрыемства і садзейнічаць фармаванню негатыўнага стаўлення да ўлады”. Звольненыя энергетыкі для абароны сваіх правоў уступілі ў незалежны прафсаюз РЭП і гатовыя судзіцца з адміністрацыяй “Гомельэнерга”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота tut.by