У Жодзіне затрымалі лекара-неўролага Уладзіслава Кузняцова
Праваабарончы цэнтр „Вясна” паведамляе, што сёння ў Жодзіне затрымалі лекара-неўролага Цэнтральнага гарадскога шпіталя Уладзіслава Кузняцова. У яго інваліднасць другой групы.
Каля 9 раніцы у кватэры бабулі, дзе ён жыве, знікла святло. Затым у дзверы пастукалі, калі бабуля Уладзіслава спытала, хто прыйшоў, у яе спыталі, ці няма ключа ад электрашчытка і жанчына адчыніла.
У кватэру ўварваліся чацвёра, не назваліся, адразу надзелі кайданкі на Уладзіслава, білі, а потым павезлі ў ГАУС. Таксама забралі ўсю тэхніку і тэлефоны. Што стала падставай для затрымання – пакуль невядома.