Журналіст Павел Быкоўскі затрыманы (абноўлена)
Следчы камітэт Беларусі размясціў на сваім сайце новую інфармацыю аб ходзе расследавання справы, распачатай на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды), паведамляе belapan.by.
Як паведамляе СК, 8 жніўня праводзяцца следчыя дзеянні са службовымі асобамі рэдакцыйна-выдавецкай установы „Культура і мастацтва”, ТАА „РіэлтБай”, ТАА „АйЦіВі”.
Акрамя таго, паводле падазрэння ў здзяйсненні аналагічных супрацьпраўных дзеянняў затрыманыя журналісты Аляксей Жукаў і Павел Быкоўскі.
„Следчымі сумесна з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў ажыццяўляюцца мерапрыемствы, скіраваныя на поўнае і ўсебаковае высвятленне ўсіх абставінаў учыненых супрацьпраўных дзеянняў. У межах гэтых мерапрыемстваў супрацоўнікамі правяраецца наяўная і новая інфармацыя, што паступае падчас папярэдняга расследавання. Расследаванне працягваецца”, — адзначаецца ў паведамленні СК.
Арышты, вобшукі і допыты журналістаў праводзяцца ў Беларусі ў межах згаданай крымінальнай справы другі дзень запар.
* * *
Журналіст Павел Быкоўскі зараз знаходзіцца ў Следчым камітэце, паведаміла БелаПАН яго жонка Вольга Быкоўская.
„Мне гэта пацвердзілі ў цэнтральным апараце камітэта, куды я патэлефанавала. Яго статус невядомы, яны не хацелі выдаваць гэтую інфармацыю. Сказалі толькі, што праводзяць з ім нейкія следчыя дзеянні”, — расказала яна.
Паводле слоў Быкоўскай, падчас вобшуку ў іх дома, які пачаўся ў 8.30 і доўжыўся дзве гадзіны, былі канфіскаваныя камп’ютарная тэхніка, планшэты і тэлефоны.
Арышты, вобыскі і допыты журналістаў праводзяцца ў Беларусі ўжо другі дзень запар у межах распачатай Следчым камітэтам справы на падставе ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).
Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія даваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”. Паводле паведамлення СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з’яўляецца „БелТА”.
Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу больш як сямі гадзін праводзілі каля паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС. Канфіскавана шэсць цвёрдых дыскаў з камп’ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў.
Паралельна вобыск праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў. Былі затрыманыя галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава, рэдактары партала Ульяна Бабаед, Ганна Калтыгіна, Дзмітрый Бобрык, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і былая супрацоўніца tut.by Яўгенія Беразюк. Пазней Бабаед, Бобрыка і Беразюк адпусцілі.
На допыты ў СК дастаўляліся прысутныя пры ператрусах дзяжурны рэдактар БелаПАН Андрэй Серада і генеральны дырэктар tut.by Людміла Чэкіна. Абодвух затым таксама адпусцілі.
Раніцай 8 жніўня ў офісе tut.by працягнуўся вобшук. На 16.30 на допыт выкліканы заснавальнік партала Юрый Зісер.
* * *
У сераду а 8.30 раніцы журналіст Павел Быкоўскі напісаў у сваім Facebook, што да яго прыйшоў Следчы камітэт.
Яго жонка Вольга Быкоўская напісала: „У нас вобшук. Прыйшлі са следчага. Шукаюць панятых”.
Апошняе месца працы Быкоўскага – фрылансер у Deutsche Welle, раней ён працаваў у газеце „Беларусы і рынак”.
Як паведамлялася раней 7 жніўня ператрусы і затрыманні прайшлі ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН.
У СК заявілі, што супраць журналістаў заведзена крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды). Падставай для завядзення крымінальнай справы паслужыла паведамленне ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” пра збоі пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія прадастаўляліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.
Са словамі заклапочанасці і патрабаваннем вызваліць журналістаў ужо выступіў Савет Еўропы, „Рэпарцёры без межаў”.