У журналіста Сяргея Гардзіевіча прайшоў трэці вобшук



У карэспандэнта сайта „Першы рэгіён” Сяргея Гардзіевіча, які абвінавачваецца ў абразе прэзідэнта, прайшоў трэці вобшук, – паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Гардзіевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам з 25 снежня, яму ў апошні дзень мінулага года выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 368 КК. Падставай для абвінавачання стала паведамленне, якое нібыта з’явілася ў верасні ў папулярнай групе „Рэальны Драгічын” у Viber.

Як стала вядома службе маніторынгу БАЖ, 12 лютага ў кватэру журналіста ў Драгічыне зноў прыехалі прадстаўнікі праваахоўных органаў. У выніку былі канфіскаваныя хатні мадэм і мабільны тэлефон жонкі Гардзіевіча Святланы. Што стала прычынай чарговага вобшуку ў кватэры журналіста, пакуль невядома.

Тэрмін хатняга арышту Сяргея Гардзіевіча мінае 22 лютага. Ён не дае паказанняў і не прызнае сябе вінаватым. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Гардзіевіча палітычным зняволеным. Вобшукі і канфіскацыя абсталявання адбыліся ў калегаў журналіста — рэдактара сайта „Першы рэгіён” Паўла Дайліда, галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага і спецыяліста аддзела рэкламы Вольгі Грыцкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя