У журналісткі-фрылансера з Глыбокага Таццяны Смоткінай правялі ператрус
У журналісткі-фрылансера з Глыбокага Таццяны Смоткінай сёння адразу трое чалавек праводзілі ператрус, пасля якога забралі тэлефон і сістэмны блок камп’ютара.
Як паведамляе Таццяна, вобшук у яе праводзіў оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку, старэйшы лейтэнант міліцыі Глыбоцкага РАУС Аляксандр Юргель, з ім былі маёр міліцыі крымінальнага вышуку Глыбоцкага РАУС Мажынскі, курсант інстытута МУС Уладзімір Князеў. Санкцыю на вобшук даў пракурор Глыбоцкага раёна Ігар Валынец па заяве маёра юстыці Патапахіна. А падставай стаў артыкул 130 частка 1 Крымінальнага кодэкса:
– Як яны растлумачылі, ёсць у нас чат „Глыбокае для жыцця”. Там хтосьці ў красавіку змясціў відэа пра выбухоўку, быццам бы пагражалі міліцыянтаў узарваць. Мне стала смешна, бо якім чынам я сюды датычная. „Ну вось, вы маглі распаўсюджваць гэтую інфармацыю”. Я кажу, што я ведаю, што ёсць такі тэлеграм-канал, я калісьці там была, але даўно выдаліла і ўвогуле ніякага дачынення да гэтага не маю. Скажыце ўжо адкрыта, што вы проста выконваеце загад. Зараз ідзе пераслед журналістаў, праваабаронцаў па ўсё Беларусі, таму вы прыйшлі да мяне. Канешне яны сказалі: „Не канешне, гэта не так”. Я кажу: „Ну я вам так і паверыла”.
Як патлумачыла Таццяна Смоткіна, яе тэхніку зараз накіруюць на экспертызу ў Віцебск і абяцалі праз 1,5-2 тыдні вярнуць. Усе, хто праводзілі вобшук, з яе слоў, паводзілі сябе карэктна Вобшук, як таго патрабуе заканадаўства, праходзіў у прысутнасці панятых.
Беларускае Радыё Рацыя