У журналісткі-палітвязня Ксеніі Луцкінай істотна пагоршылася здароўе



Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна восем месяцаў знаходзіцца за кратамі. Спачатку яе звязвалі са «справай Прэс-клубу» і вінавацілі ў саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Але пасля таго, як гэту справу закрылі, на Ксенію завялі новую.

Бацька Луцкінай падзяліўся з «Нашай Нівай» апошнімі навінамі пра дачку. У 2012 годзе ёй зрабілі складаную аперацыю на галаўным мозгу — выдалялі пухліну. Яшчэ адна засталася, яе немагчыма было выразаць, трымалі пад кантролем. Апошнія месяцы журналістка жыве на абязбольвальных — пухліна, якая шмат гадоў яе не турбавала, пачала расці. 

Ксенія адпрацавала на дзяржаўным тэлебачанні 15 год. Здымала дакументальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы. У жніўні 2020 года журналістка звольнілася з БТ і хацела запусціць альтэрнатыўны канал. Далучылася да Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай.

Фота: vk.com