У жыхара Гарадзеі канфіскаваны кулямёт, аўтаматы, 10 тыс. патронаў



Як паведамляе сайт МУС, пры затрыманні ў аграгарадку Краснае (Гомельскі раён) у аўтамабілі жыхара Гарадзеі былі выяўленыя „цюнінгаваны аўтамат Калашнікава з прыстасаваннем для бясшумнай стральбы, пісталеты Макарава і ТТ, па некалькі падрыхтаваных магазінаў да пералічанай зброі, вінтоўка неўсталяванай мадэлі, 4 ручныя гранаты, 3 узрыўпакеты і сотні патронаў рознага калібру”.

Пры правядзенні вобыску ў кватэры, гаражы і службовым кабінеце затрыманага таксама знойдзеная зброя. У прыватнасці, канфіскаваныя зарэгістраваныя два наразныя карабіны, чатыры гладкаствольныя стрэльбы і два пісталеты, а таксама кулямёт, пяць аўтаматаў, 10 вінтовак, 10 пісталетаў, 28 гранат, 265 выбуховых прылад, каля 2 кг выбуховых рэчываў і каля 10 тысяч патронаў рознага калібру, якія незаконна захоўваліся.

Па гэтым факце Гомельскім раённым аддзелам Следчага камітэта 8 верасня была пачатая справа па ч. 2 арт. 295 КК Беларусі (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама.

Паводле інфармацыі партала tut.by, гаворка ідзе пра начальніка ЦЭЦ Гарадзейскага цукровага камбіната.

МУС таксама паведамляе, што падчас наступных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па гэтай справе быў затрыманы грамадзянін з блізкага атачэння фігуранта. „Пры вобыску яго жылля ў Берасцейскай вобласці знойдзеныя зарэгістраваныя наразны даўгаствольны карабін, гладкаствольная стрэльба і 3 вінтоўкі, 3 гладкаствольныя паляўнічыя стрэльбы і 381 патрон рознага калібру, якія незаконна захоўваліся”, — гаворыцца ў паведамленні.

Уся канфіскаваная зброя і боепрыпасы накіраваны для правядзення комплексных экспертыз у падраздзяленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Беларусі. Цяпер праводзяцца мерапрыемствы па ўстанаўленні крыніц паходжання такога вялікага арсенала і магчымых саўдзельнікаў фігуранта ў незаконным абароце зброі.

belapan.by

Фота: сайт МВД