У Жыткавічах прасеў і трэснуў аўтамабільны мост цераз Прыпяць
У Жыткавічах аўтамабільны мост праз Прыпяць прасеў. На ім з’явіліся расколіны.
Пра гэта Tut.by паведамілі занепакоеныя мясцовыя жыхары. Яны распавялі, што раніцай 7 снежня на мосце трэснула пліта перакрыцця і дарожнае палатно па ўсёй шырыні прасела прыкладна на паўметра.
«Уезд на мост перакрыты. ДАІ нікога не пускае», — пішуць каментары ў сацсетках карыстальнікі.
Мост праз Прыпяць, які злучае Жыткавічы і Тураў, быў пабудаваны ў 1985 годзе. У мінулым годзе, незадоўга да «Дажынак», яго рэканструявалі. Даўжыня моста — 888,7 м, шырыня — 10 м.
У МНС паведамілі, што рух праз мост па трасе Р-88 праз Прыпяць перакрыты. Спецыялісты абследуюць выяўленую расколіну для прыняцця далейшых рашэнняў.
Фота tut.by, 112.by