У ЗША адзначылі Каляды з зоркай, казой і лявоніхай
У штаце Мінесота (ЗША) адсвяткавалі Каляды ў лепшых беларускіх традыцыях: з зоркай, казой, песнямі і танцамі.

Арганізатарамі выступілі дыяспара беларусаў у Мінесоце і аб’яднанне „ГосьЦі”.

Для таго, каб адсвяткаваць Каляды як след, быў запрошаны этна-музыка, спявак, фалькларыст Сяржук Доўгушаў. Ён паказаў, як продкі беларусаў адзначалі свята і як гэтыя традыцыі могуць быць працягнутыя сёння нават за тысячы кіламетраў ад роднай хаты.

У гэты дзень у ЗША пачулі беларускія традыцыйныя песні, пабачылі калядныя гульні, танцы, абрады. Для таго, каб усім было не толькі весела, але і смачна, кожная сям’я згатавала ўлюбёную беларускую страву для агульнага стала.

Важнай часткай праграмы стаў аўкцыён падарункаў. Атрыманыя сродкі былі перададзеныя на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры.
