У ЗША пахавалі Алеся Міцкевіча
2-га траўня на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, што ў Нью-Джэрсі, пахавалі Алеся Міцкевіча, пляменніка Якуба Коласа. Абрад адпявання прайшоў у царкве Жыровіцкай Іконы Божай Маці ў Нью-Брансвіку. Памерлага дзеяча беларускай эміграцыі ўзгадвае старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ, Зянон Пазняк:
– Гэта быў адзін з самых моцных і надзейных людзей. Гэта быў моцны беларус. Ён лічыў сябе фронтаўцам, і ўвесь час стараўся дапамагаць Беларускаму Народнаму Фронту. Гэта не быў чалавек медыяў, ён не лез у камеры, бо быў вельмі сціплы. І яго мала ведалі. Але як асоба, як чалавек, ён вельмі шмат зрабіў для падняцця беларускай справы.
Ён быў вельмі падобны да Якуба Коласа і ў нейкай ступені валодаў коласаўскім розумам. Такія людзі з’яўляюцца соллю беларускай нацыі. Вечная яму памяць!
Алесь Міцкевіч быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання. Быў сябрам рэдакцыйнай калегіі ды распаўсюднікам газеты «Беларус». Выдаваў таксама бюлетэнь «Весткі і паведамленні Нью-Ёркскага аддзелу БАЗА». З 1970-га года быў радным Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.
Фота gazetaby.com