У ЗША памёр адзін з найстарэйшых беларусаў свету
У ЗША на 102 годзе жыцця памёр адзін са старэйшых прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў свеце Антон Шукелойць. Пра гэта на сваім Facebook паведаміла даследчыца гісторыі беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.
Ад навучання ў Віленскім універсітэце ў 1930-х Шукелойць быў удзельнікам беларускіх грамадскіх арганізацый. У часе вайны ён працаваў дырэктарам Менскага гістарычнага музею. Быў актыўным і на эміграцыі – сябра Беларуска-амерыканскага задзіночання і колішні старшыня ягонага Нью-Ёрскага аддзела, сябра Беларускага інстытуту навукі і мастацтва. Ён удзельнічаў у выданні газеты „Беларус”, быў радным БНР.
Антон Шукелойць будзе пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку.