Участковая камісія ў Гомелі ўцякла праз “чорны ўваход”



Выбарчая камісія на 27 участку Цэнтральнага раёна Гомеля не вывесіла выніковы пратакол выбараў і ўцякла праз “чорны ўваход”.

З такой незвычайнай рэакцыяй сябраў камісіі ўпершыню за доўгія гады назіральніцкай практыкі сутыкнуўся грамадскі актывіст Сяргей Касабуцкі:

– Я, дарэчы, з такім не сутыкаўся яшчэ ні разу, звычайна праблемаў з копіяй пратаколаў, каб іх перапісаць, ніколі не было. Падыйшлі там а палове восьмай да старшыні, але ён павёў сябе неяк дзіўна, трэба падумаць. Хоць якія тут могуць быць ваганні, ён па законе павінен быў гэта зрабіць. І ў выніку атрымліваецца, што яны гэтыя асноўныя дзверы зачынілі, усё закрылі. Не ведаю, ці вывешвалі яны гэты пратакол. Карацей, сышлі, як каты, якія нашкодзілі.

Сяргей Касабуцкі таксама звяртае ўвагу на “чачэнскі” паказнік яўкі на ягоным участку. Паводле дадзеных участковай камісіі, у датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел больш за 800 чалавек, у асноўны дзень галасавання назіральнікі налічылі амаль 900 чалавек. Агулам выйшла каля 1700 чалавек, хоць на дадзеным участку зарэгістравана 1600 выбарцаў.

Беларускае Радыё Рацыя