Удаву Зельцэра перавялі ў СІЗА на Валадарскага
Марыя Успенская, удава застрэленага супрацоўнікамі КДБ Андрэя Зельцэра, пераведзеная з Акрэсціна ў СІЗА № 1 («Валадарку»). Пра гэта маці Марыі Успенскай паведаміла «Нашай Ніве».
«Калі дачка была на Акрэсціна, перадачу для яе ўзялі. Там мы перадалі цёплыя рэчы, зубную шчотку. Але літаральна днямі Марыю перавялі на Валадарскага. Мы ў пятніцу панеслі перадачу туды, але яе браць адмовіліся, паведамілі, што Марыя на карантыне», — кажа маці Марыі Успенскай. 28 верасня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцэр і ягоная жонка Марыя Успенская.
Паводле афіцыйнай версіі, Зельцэр двойчы стрэліў і смяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ. Жонку, якая здымала здарэнне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.