Удзельнікам фотасесіі на міліцэйскім аўто пагражае пазбаўленне волі



У дачыненні да ўдзельнікаў фотасесіі на міліцэйскім аўтамабілі пачатая крымінальная справа. Такая інфармацыя размешчана ў Telegram-канале @pressmvd.

У Гомелі 17 кастрычніка каля гадзіны ночы ў адным з гіпермаркетаў спрацавала трывожная кнопка. Да гандлёвага аб’екту адразу ж прыбыў нарад Цэнтральнага аддзела Дэпартамента аховы. Убачыўшы, што міліцыянеры накіраваліся ў гіпермаркет, кампанія маладых людзей падышла да службовага аўтамабіля. Двое з іх сталі пазіраваць, трэці выступіў у ролі фатографа.

Спачатку хлопцы проста прытуліліся да аўто, затым залезлі на капот. Фотасесію на фоне пробліскавых маячкоў адзін з іх завяршыў, забраўшыся на дах аўто. Пасля гэтага маладыя людзі селі ў іншамарку і зʼехалі.

«Хуліганская выхадка не засталася незаўважанай: відавочца паведаміў аб тым, што адбылося, міліцыянерам. Яны далажылі аб здарэнні аператыўнаму дзяжурнаму. Той у сваю чаргу выклікаў следча-аператыўную групу», – распавяла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. Эксперт выявіў увагнутасці на даху і капоце службовага аўто, драпіны, а таксама сляды абутку.

Інфармацыю аб аўтамабілі і прыметах невядомых перадалі ў міліцэйскі эфір. Неўзабаве гэтая машына была затрыманая ў раёне чыгуначнага вакзалу абласнога цэнтра. Да гэтага часу адзін з хлопцаў ужо паспеў размясціць фота на сваёй старонцы ў сацсетцы.

Як паведамляецца, абодвум хлопцам па 23 гады, раней яны неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за дробнае хуліганства.

«Учора ў дачыненні да затрыманых распачата крымінальная справа па ч.2 арт.339 (хуліганства, здзейсненае групай асоб) КК. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў», – адзначыла прэс-сакратар.

zviazda.by